Колькі год існуе Крэва, столькі год напэўна яно з’яўлялася той прыцягальнай сілай якая вабіць сюды людзей творчых, дапытлівых. якія шукалі матэрыял для сваіх гістарычных прац, ці натхнення для стварэння мастацкіх твораў. Едуць у Крэва і проста турысты з рознах краін, якія цікавяцца даўніной. А паглядзець тут сапраўды ёсць што: незвычайна прыгожыя геаграфічныя ландшафты, гістарычныя архітэктурныя аб’екты: крэўскі замак і касцёл, праваслаўная царква, гарадзішча, рэшткі яўрэйскай сінагогі. Кожны наведвальнік знаходзіць тут менавіта тое каштоўнае і цікавае, што прывяло яго сюды.
У апошнія два гады спіс гістарычных аб’ектаў пашырыўся новымі турыстычнымі маршрутамі распрацаванымі ў рамках праекта “Кластарны падыход і інфармацыйныя тэхгалогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый”. Помнікі і артэфакты Першай сусветнай вайны якія захаваліся на крэўскай зямлі ляглі ў аснову турыстычнага маршрута “Крэўскімі сцежкамі Першай сусветнай вайны”. Маршрут уключае у сябе восем найбольш значных і цікавых аб’ектаў. Наведванне якіх стварае ўнікальную магчымасць перанесціся на сто год назад і акунуцца ў атмасферу ваенных падзей якія адбываліся на нашай зямлі. Не меншую цікавасць для турыстаў прадстаўляе другі маршрут “Аб чым маўчаць валуны”. На крэўскай зямлі захавалася шэсць унікальных геалагічных помнікаў прыроды – камянёў валуноў. Кожны з іх мае свае адметныя рысы і будову. Наведвальнікі даведаюцца аб цікавай гісторыі гэтых помнікаў, пазнаёмяцца з легендамі звязанымі з імі.
Пазнаёміцца з больш падрабязнай інфармацыяй аб маршрутах можна на даведачна-інфармацыйных стэндах, размешчаных у цэнтры аграгарадка Крэва і па тэлефонах 801592 93-446 і 801592 90-120.
М.А.Міхалькевіч настаўнік гісторыі, загадчык музея