Восенню дбайныя гаспадары клапоцяцца аб захаванні ўраджаю на зіму, а лішкі прадаюць. Вось і ў Валэйкавічах сёння адгуляў “Восеньскі кірмаш”. Не толькі з бульбай, капустай, цыбуляй, буракамі ды яблыкамі, але і з песнямі, танцамі і добрым настроем.
Нягледзячы на халодны кастрычніцкі дзянёк, у клубе сёння было цёпла. Цёпла ад ветлівасці, шчырых усмешак і гасціннасці гаспадароў – культработнікаў на чале з загадчыцай клуба Марыяй Субаткевіч і ўдзельніц народнага гурта “Валэйчанка” (кіраўнік Марыя Буцько). Жанчыны добра падрыхтаваліся да свята, напяклі пірагоў, блінцоў, нават яблыкаў і шмат чаго іншага, нарабілі квасу і частавалі гэтай смакатой прысутных.
Вяскоўцы, якія завіталі “на агеньчык” у клуб, не толькі частаваліся, прыглядаліся да восеньскіх дароў на сцэне ды каля яе, але і з задавальненнем слухалі беларускія і польскія народныя песні, назіралі, як танцуюць артысты. А потым і самі не ўседзелі на месцах, пусціліся ў скокі. Ды дзе ж уседзець, калі сама цётка Ядзя дае майстар-класс.
полная версия:www.shliah.by