Спачатку дэпутаты-кіраўнікі разам са спецыялістамі з аддзела архітэктуры і будаўніцтва сабраліся каля паліклінікі, каб паглядзець на месцы, якім чынам можна расшырыць аўтастаянку без выкарыстання дадатковых будаўнічых матэрыялаў. Неабходна было акуратна выняць з зямлі старыя бардзюры, перанесці іх на новае месца і ўстанавіць зноў.
Дырэктар РУП “ЖКГ” Міхаіл Найдзіч і начальнік ДРБУ-134 Аляксандр Сідаровіч, якія з’яўляюцца дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў, запэўнілі сваіх калегаў, што справяцца з пастаўленай задачай у сціслыя тэрміны. На расшырэнне аўтастаянкі спатрэбіцца некалькі рабочых, спецыялістаў у гэтай справе, і мінімум тэхнікі, каб зняць і вывезці грунт і прывезці падсыпачны матэрыял.
Як адзначыў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук, які вельмі быў зацікаўлены ў расшырэнні аўтастаянкі, неабходныя работы камунальнікі з дарожнікамі выканалі ўсяго за некалькі дзён, значна павялічылася колькасць парковачных месцаў, таму цяпер зручна стала аўтаўладальнікам пад’язджаць да самай паліклінікі.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.