Вынікі работы за мінулы год абмеркавалі на справаздачным сходзе работнікі ўстаноў культуры Смаргоншчыны. З дакладам выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражэва. Выступоўца спынілася на асноўных эканамічных паказчыках, праведзеных мерапрыемствах, дасягненнях, недахопах і задачах устаноў культуры на новы год.
У спрэчках па дакладу выступілі намеснік дырэктара школы мастацтваў імя М. К. Агінскага Вольга Токарава, загадчыца аддзела культурна-асветніцкай работы РЦК Вікторыя Камінская, загадчыца гарадской бібліятэкі №1 Людміла Шапель. Са сваім бачаннем некаторых аспектаў і праблем у рабоце падраздзяленняў культуры, а таксама з шэрагам прапаноў адносна аптымізацыі ў гэтай сферы выступіў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.
Напрыканцы пасяджэння граматы, падзячныя лісты і дыпломы за высокія дасягненні і добрасумленную працу атрымалі спецыялісты бібліятэчнай справы, культработнікі, выкладчыкі школы мастацтваў. Ганаровымі дыпломамі былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу гульнёвых праграм. За лепшую арганізацыю і актыўны ўдзел у правядзенні абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў” Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны раённы Цэнтр культуры. За другое месца па леташніх выніках дзейнасці сярод музейных устаноў вобласці ганаровым дыпломам ўзнагароджаны калектыў смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Па матэрыялах сайта www.shliah.by