Свята гумару, якое праходзіць у Крэве з 2018 года, зноў сабрала гледачоў каля Дома культуры. Распачалося свята з традыцыйнага рытуалу: старшыня Крэўскага сельсавета Віктар Дзятчык і начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва распілілі бервяно пілой «Цешчын язык» – і імпрэза пачалася!
Госці свята сустрэлі парад крэўскіх драндулетаў, віталі «замежных артыстаў, наведалі «кабінет пластычнай хірургіі», «Крэўскую пірожню», пагулялі ў «Казіно па-крэўску». Дзеці таксама не засталіся ўбаку: для іх працавала гульнёвая пляцоўка.
«У нашым Доме культуры даўно працуе тэатр мініяцюр «Вясёлы калейдаскоп», - зазначае рэжысёр Крэўскага ДК Алена Міхалькевіч. – А вось ідэя правесці свята гумару нам падказалі калегі.Спачатку мы хваляваліся, вагаліся, але ж як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Кожны год мы прыдумваем нешта новае, а рэквізіт збіраем па ўсім Крэве.
Сёння ладзіць свята нам дапамагаюць калегі з Амшмянскага раёна і Жодзішкаўскага ДК – калектыў «Вечарынка».
Пастаянная ўдзельніца імпрэзы Анастасія Маршалак дадому панесла мяшочак са смехам. «На свяце гумару ў Крэве пастаянна раздаюць такія падарункі. Існуе павер’е, хто будзе мець такі мяшочак, той будзе год смяяцца», - усміхнулася Анастасія.
Дык вось, аказваецца, чаго жыхары Крэва, навакольных вёсак і нават Смаргоні спяшаюцца сюды на свята: не толькі за добрым настроем на дзень, але і на цэлы год!