Для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы да канца года ўведзены безвізавы ўезд у Рэспубліку Беларусь. Замежныя госці змогуць не толькі наведаць сваіх родных, але і бліжэй пазнаёміцца з гістарычнай спадчынай нашай краіны.
Гонарам Смаргонскага краю, безумоўна, з’яўляецца Крэўскі замак. Першы цалкам каменны замак у Вялікім княстве Літоўскім, ад якога засталіся толькі рэшткі, сёння актыўна рэстаўруецца. Старажытны помнік архітэктуры прываблівае беларускіх і замежных турыстаў, якія сваімі вачыма імкнуцца пабачыць унікальную славутасць.
Сёння Крэўскі замак прапануе гасцям цікавыя экскурсіі, ля яго сцен у летні перыяд ладзяцца розныя мерапрыемствы. Традыцыйным стаў фестываль-кірмаш «Кераміка Крэва», які ўжо каторы раз збярэ тых, хто хоча далучыцца да аднаўлення культурнай спадчыны Беларусі. У гэтым годзе ён адбудзецца 13 жніўня.
У кожнага наведвальніка фэсту будзе магчымасць адчуць сябе сапраўдным майстром керамічнай справы, таму што лепшыя керамісты з розных рэгіёнаў рэспублікі правядуць разнастайныя майстар-класы. Заўсёды даспадобы гасцям кірмаш цудоўнай керамікі на любы густ - ад традыцыйнай да сучаснай паліванай, ад посуду да сувеніраў. Для самых маленькіх будуць прадугледжаны зоны гульняў і творчасці. Святочны настрой створаць выступленні творчых гуртоў, сапраўдныя беларускія гульні і забаўкі.
Арганізатары фестывалю ўпэўнены, што жыхары суседніх краін, наведаўшы мерапрыемства, не пашкадуюць аб гэтым. Ганчарства – адно з самых старажытных мастацкіх рамёстваў Беларусі. Таму, дзе, калі не ў нас, можна пазнаёміцца з майстэрствам керамістаў, якія кавалак звычайнай гліны пераўтвараюць у шэдэўр?