
Тут няма прайграўшых. Толькі пераможцы. Бо хто ўдзельнічаў у брэндавым свяце беларускіх гаспадынь, якое ладзілася каля Сінькоўскага ДК, атрымаў не толькі падарунак, але і добры зарад бадзёрасці на некалькі тыдняў уперад.
«Такі фэст мы праводзім ужо ў сёмы раз, - расказвае Святлана Бабенка, рэжысёр Сінькоўскага ДК. – Кожная імпрэза мела сваю тэму. Сёлета у нас галоўная гераіня – Яе Вялікасць песня, а раней «гаспадарылі» і хлеб, і бульба, і кветкі».
Спяваць, весяліцца за гасцінным сталом – даўняя традыцыя нашых продкаў. Стваралі святочную атмасферу сінькоўскія артысты, а таксама дзеці, якія наведваюць гурток сольных спеваў «Хвілінка», артысты з Бялкоўшчынскага і Жодзішкаўскага ДК. А Сінькоўскі сельсавет выступіў спонсарам свята: падрыхтаваў для гаспадынь-удзельніц сувеніры, старанне жанчын адзначылі і культработнікі мясцовага ДК.