Сімвалам сёлетніх раённых «Дажынак» сталі буслы. «Гэта птушка, нібы анёл-ахоўнік, кружыць над нашымі лугамі ды палеткамі і сваім клёкатам замаўляе шчасны лёс для працаўнікоў хлебнай нівы».
Ад пачатку вясны і да позняй восені магічная сіла бусліных крылаў ахоўвае і зберагае працавітых людзей, прыродная мудрасць якіх, стойкасць і цярпенне заслугоўваюць ўсеагульнай павагі. І сёння буслы з пяці гаспадарак раёна зляцеліся на самае галоўнае свята - раённыя «Дажынкі 2023», - такімі словамі вядучыя распачалі свята.
Галоўны каравай Смаргоншчыны, які з’яўляецца сімвалам плённай працы ўсіх удзельнікаў «Жніва 2023», вынес перадавы камбайнер раёна Яляксандр Яроўскі.
Вядучыя агучылі лічбы сёлетняга жніва. Філіял «Жодзішкі» КХП намалаціў 11206 тон збожжа, КСУП «АграСолы» – 10616 тон, КСУП «Саўбел 2016» – 5203 тоны, ВКУП «Саўгас Смаргонскі» – 4653 тоны, КСУП «Сінькі» – 4367 тоны.
Караваі з мукі новага ўраджаю падрыхтавалі для старшыні райвыканкама Генадзя Харужыка, першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргея Мядзвецкаса, кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, камбіната хлебапрадуктаў, ААТ «Смаргоньаграсэрвіс», вытворчага цэха «Смаргонь» Лідскага хлебазавода.
Віталі ўдзельнікаў свята старшыня райвыканкама Генадзь Харужык і яго першы намеснік Сяргей Мядзвецкас.
Генадзь Васільевіч уручыў узнагароды ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама. Іх атрымалі начальнік аддзела раслінаводства і механізацыі райсельгасупраўлення Леанід Тупека, дырэктар ААТ «Смаргоньаграсэрвіс» Іосіф Найдзіч і галоўны аграном КСУП «АграСолы» Дзяніс Яковіч.
Музычныя нумары на «Дажынках-2023» прадставілі культработнікі Смаргоншчыны, а таксама госці са сталіцы.
https://www.shliah.by/news/obshhestvo/kultura/news34570.html