Раней лозапляценне лічылася заняткам мужчынскім. Многія з нас могуць пахваліцца, што маюць у гаспадарцы звычайны беларускі кошык, які сплёў некалі дзядуля (ці іншы прадстаўнік роду па мужчынскай лініі).
Цягам апошніх дваццаці гадоў лозапляценнем сталі захапляцца пераважна жанчыны. Аматараў гэтага рамяства ў Беларусі цяпер шмат, а вось тых, хто мае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», - адзінкі. У Гродзенскай вобласці – толькі Аляксандр і Людміла Мускія са Смаргоні.
Лозапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. Самымі архаічнымі з захаваных плеценых рэчаў лічацца крэслы, якія былі знойдзены ў грабніцы егіпецкага фараона Тутанхамона (правіў Егіптам у 14 стагоддзі да нашай эры). Мэбляй, вырабленай з лазы і каранёў дрэў, карысталіся ў Старажытным Рыме. Воіны арміі Спартака з вінаграднай лазы рабілі лёгкія і трывалыя баявыя шчыты. Розныя плеценыя вырабы можна разгледзець на карцінах мастакоў эпохі Рэнесансу.
На тэрыторыі Беларусі нашы продкі плялі з лазы розныя па форме і прызначэнні вырабы. Лазу выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні жылля і гаспадарчых пабудоў, рабілі агароджы, кузавы павозак, дзіцячыя калыскі і цацкі, посуд… Некаторыя рэчы з лазы сталі гісторыяй, але не канулі ў Лету. Дзякуючы апантаным майстрам рамяство прадаўжае жыць і развівацца.