У музейным кутку Крэўскага Дома культуры захоўваецца калекцыя гліняных гаршчкоў – каля дзвюх дзясяткаў экзэмпляраў. Работнікі клуба збіралі па людзях у аграгарадку і яго ваколіцах.
«У кагосьці гаршчок на плоце вісеў, у кагосьці – на гарышчы захоўваўся, хтосьці – у ім кветкі вырошчваў. А аднойчы мы ўбачылі, як людзі з Мірклішак сабачку сваю з такой пасудзіны кармілі. Мы ўгаварылі такі экспанат у музей перадаць, - усміхаецца загадчыца Крэўскага ДК Жанна Барташ. – Людзі з паразуменнем да нашых збораў ставіліся. Многія самі прыносіць гаршчэчкі ў клуб сталі.
Між іншым крэўскія гаршчкі маюць багатую гісторыю. Раней у Крэве ледзь не ў кожным доме былі ганчары. І гэта не дзіва. Вядомы смаргонскі кераміст Сяргей Нагаеў сцвярджае, што крэўская гліна лічыцца лепшай не толькі ў Беларусі. У ёй высокая колькасць мінералаў, таму яна вогнетрывалая. Пра жыватворныя якасці крэўскіх «залежаў» ведаюць нават тыбецкія ламы (пра гэта расказваў чалавек, які быў на Тыбеце).
У пачатку XIV стагоддзя ў Крэве ўзвялі замак. Гэтай жа эпохай археолагі датуюць самыя раннія знаходкі керамікі Крэва. Убачыць керамічныя чарапкі можна ў музеях Мінска і Смаргоні, а таксама ў музеі Крэўскай школы.
Як сцвярджаюць гісторыкі, вядомасць Крэву прынёс дымчаты посуд. Потым – пакрыты глазурай. У 1924 годзе ў мястэчку арганізавалі спецыяльные курсы ганчароў. Пасля Другой сусветнай вайны адкрылі керамічны цэх. Але «няпростыя 90-я» спынілі ганчарны круг.
У ХХІ стагоддзі ў Крэве сталі праводзіць брэндавае свята «Кераміка Крэва». У цэнтры фестывалю – пляцоўка керамістаў і майстроў народнай творчасці, якія з’язджаюцца ў аграгарадок з розных куткоў Беларусі.
Галіна АНТО
Фото з архіву Крэўскага ДК