:: ::

НОВОСТИ / АНОНС

29 июля 2024 г.
Новы загадчык музея – новыя планы

У музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча – новы загадчык. Больш за год гэта пасада заставалася вакантнай, цяпер яе заняла Алена Ермалаева, былая настаўніца Сольскай сярэдняй школы. Алена Чаславаўна – поўная энтузіязму і планаў на будучыню.

- У бліжэйшы час зоймемся аднаўленчымі работамі. Спецыялісты будуць фарбаваць хату, мяняць дах, рэканструяваць каплічку, узнаўляць плот і франтон на аборы, - зазначае Алена Ермалаева. -  Нядаўна я стварыла у Інстаграм профіль музея-сядзібы, дзе можна пазнаёміцца з нашымі навінамі. Пакуль экскурсіі не праводжу, але неўзабаве атрымаю дазвол, і наведвальнікам можна будзе замаўляць экскурсіі. Пакуль музей людзі наведваюць па квітках без экскурсавода. На наступны год мы плануем аднавіць правядзенне свята “Кушлянскі фэст”.

- Што, акрамя экскурсій, думаеце прапанаваць наведвальнікам?

- Будзем праводзіць майстар-класы па кераміцы. Дарослыя і дзеці будуць мець магчымасць  сваімі рукамі зрабіць медальён з выявай Францішка Багушэвіча. Пачнём арганізоўваць невялікія музычныя імпрэзы.

- Але і без экскурсій, і нейкіх дадатковых мерапрыемстваў у Кушляны едуць людзі?

- Так! У наведвальнікаў – вялікая зацікаўленасць да гэтага месца. Толькі за два тыдні ліпеня ў нас пабывалі людзі з Брэста, Гомеля, Гродна, Слоніма, Навагрудка, Санкт-Пецярбурга, Лагойска, Смаргоні… Прычым гэта не вучнёўскія групы, сюды едуць сем’ямі, сяброўскімі кампаніямі. Асабліва шмат наведвальнікаў па суботах і нядзелях.

- Чым так вабяць Кушляны?

- Найперш сваёй аўтэнтычнасцю, гістарычным духам, цудоўнымі пейзажамі… Захавалася хата паэта 1896 году пабудовы і каменная абора. Сам маёнтак Багушэвічы набылі ў 1749 годзе і да 1940 году ім карысталіся. Захаваўся стары парк пры сядзібе. У ім ёсць дрэвы, якім па 200 – 300 гадоў. Сядзіба і сёння дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX стагоддзі.

- Якія экспанаты музея выклікаюць найбольшы інтарэс?

- У хаце экспануюцца рэчы, якія праменяць Багушэвічавай энергетыкай: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы… Родавыя медальёны сям’і, гісторыя якіх бярэ пачатак у XVIII стагоддзі: у гэтых рэчах да энергетыкі Багушэвічаў далучаецца і моц часцінак мошчаў святых, якія прывезены з месцаў паломніцтва. Медальёны ахоўвалі род Багушэвічаў на працягу стагоддзяў ад хвароб і няшчасцяў. Сёння гэтыя сакральныя рэчы гояць душэўныя раны тым, хто прыйшоў у хату засведчыць сваю пашану і гонар славутаму суайчынніку, хто сілы і талент аддае дзеля росквіту Бацькаўшчыны.

У каменнай аборы месціцца выстава прылад працы і прадметаў побыту беларускага сялянства канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Людзі імі таксама цікавяцца. Непадалёку ад сядзібы – Лысая гара, дзе, па легендах, некалі існавала язычніцкае капішча. Захаваўся камень, на якім пасля смерці паэта сябры зрабілі надпіс: “Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.”.

- Алена Чаславаўна, перад тым як стаць загадчыкам музея, даводзілася тут бываць?

- Безумоўна! Вазіла сюды сваіх вучняў, нам вельмі падабаліся экскурсіі, якія ладзіў мой папярэднік Алесь Жамойцін, а на завяршэнне – іграў на дудачцы. Пасля наведвання музея рабіла прэзентацыі. Тады я і ўявіць не магла, што буду тут працаваць. Асоба Францішка Багушэвіча і гэта месца  тады мяне цікавілі, а цяпер – тым больш. Усіх запрашаю у музей, упэўнена: кожны наведвальнік тут знойдзе для сябе нешта цікавае і важнае.

 

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Государственный флаг Республики Беларусь
2024 – Год качества
Сморгонский районный исполнительный комитет
-
-
ЛЕТО-2024
-
ЗДОРОВЫЙ ОБРАЗ ЖИЗНИ
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Войстаме
Касцёл Прасвятой Троіцы ў Жодзішках
Сморгонь туристическая
ФОК Сморгонь
-
VETLIVA
Туристический портал о Беларуси
Мой город
Открой свой город в смартфоне
Календарь событий на 2024 г
Топ-5 региона
Газета
grodnovisafree
Защита прав потребителей
Портал рейтинговой оценки
Контакты

8 (01592) 4-20-81
sport@foksmorgon.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты

Молодежь Беларуси
Места памяти, которые должен посетить каждый