У аграгарадку Адэльск, што ў Гродзенскім раёне, прайшло традыцыйнае «Свята млынароў». У межах імпрэзы ладзіўся конкурс «Хлебнае багацце». У намінацыі «Традыцыйны хлеб хатняй выпечкі» 1 месца заняў хлеб «Шчодры», які прадставіла на конкурс Кацярына СЕНКЕВІЧ са Смаргоншчыны, з вёскі Сялец Вішнеўскага сельсавета.
«Свята млынароў» непарыўна звязана з хлебам, а самі млынары заўсёды былі адным са звенняў у хлебным ланцужку, які пачынаецца з поля і завяршаецца караваем. Таму духмяныя караваі і хлеб, спечаны па народных рэцэптах, вязуць у Адэльск з усёй Гродзеншчыны.
Наша зямлячка прапанавала журы хлеб, спечаны на кляновых лістах па старажытным рэцэпце: замешаны на жытнёвай заквасцы. У якасці інгрэдыентаў выкарыстала муку пшанічную цэльназерневую, а таксама вышэйшага і першага гатункаў, жытнёвую абдзярную, мёд, соль, кмен, каляндру і ячменны солад. Журы конкурсу «Хлебнае багацце» смак хлеба ацаніла самымі высокімі баламі.
Кацярына была гераіняй разгорнутага «светлашляхаўскага» матэрыялу. Выпечкай хлеба займаецца шэсць гадоў. Хлеб «Сялецкі», «Дарніцкі», «Манастырскі», «Фермерскі», Лёнька», «Барадзінскі», «Семка», «Чорны аксаміт» – і гэта далёка не ўвесь спіс відаў хлеба, які выпякае сялецкая гаспадыня. А нядаўна Кацярына Мікалаеўна пачала ствараць смаргонскія абаранкі па старажытным рэцэпце.
Матэрыялы газеты «Светлы шлях»
Аўтар – Галіна Антонава