17 снежня ў музеі-сядзібе М.-К. Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна адбудзецца прэзентацыя выставы “Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх”, якая раскажа прысутным аб усёй архітэктурнай спадчыне роду Агінскіх на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Уваход на мерапрыемства вольны. Як распавяла Край.бай навуковы супрацоўнік музея-сядзібы М.-К. Агінскага Таццяна Кляшчонак, упершыню ідэя сабраць у адно ўсе звесткі пра архітэктурную спадчыну гэтага старажытнага і арыстакратычнага роду нарадзілася прыкладна год таму. – Мы ведалі, што на тэрыторыях трох суседніх краін – Польшчы, Літвы і Беларусі – захаваліся палацы, якія належалі Агінскім, – тлумачыць суразмоўца. – Потым нам стала вядома, што ніхто да нас на прасторах гэтых краін яшчэ не спрабаваў абагульніць і прааналізаваць тую гістарычную каштоўнасць, якой яны валодаюць. Ідэя гэтым заняцца нарадзілася сама сабой. Паўгода таму ў музеі-сядзібе распачалася праца па збору гістарычнай інфармацыі наконт палацаў. Так, два літоўскіх палаца Агінскіх у Рэтувасе і Плунге былі вядомыя беларускім гісторыкам даўно, а астатнія літоўскія – у Мура-Стрэвінінкаі, Круонісе, Вяйсеі і два ў Вільнюсе – выдатна былі вядомыя літоўскім даследчыкам, якія перадалі ў Беларусь мноства кніг аб родзе Агінскіх у Літве. – Сёння мы ўжо ведаем, што ўсіх палацаў, якія ў розныя часы належалі Агінскім, а зараз ў розным стане захаваліся да нашых дзён на тэрыторыях гэтых краін, налічваецца больш за дваццаць. На выставе, якую ладзіць музей, мы пазнаёмім нашых гасцей з кожным з іх, – дадала Таццяна Кляшчонак. Так, прысутныя змогуць пазнаёміцца з асобнымі выявамі палацаў роду Агінскіх і іх кароткай гістарычнай звесткай. Прэзентацыя выставы “Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх” пройдзе ў музеі-сядзібе М.-К. Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна 17 снежня.
Пачатак – у 14.00. Уваход вольны.
по материалам сайта:kraj.by
Сяргей ЮРЭВІЧ