21 февраля 2022 г.
21 лютага – Дзень роднай мовы – традыцыйна прапісаўся ў нашым нацыянальным календары. Родная – значыць, любімая, дарагая, самая-самая, а любімай не здраджваюць, не ахайваюць, не робяць балюча…
Радуе, што бібліятэкі, навучальныя і культуралагічныя ўстановы прысвячаюць гэтаму патрыятычнаму святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Акрыляе душу, што ў гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі праходзяць шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты, майстар-класы і лекцыі. Музеі краіны арганізоўваюць публічныя чытанні беларускамоўных твораў пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі, грамадскімі дзеячамі. Традыцыйнымі сталі дыктоўкі паводле эпахальных і значных твораў нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Дзякуючы менавіта такім святам, добразычлівым і эмацыянальным, ціхім і хатнім, штогод павялічваецца колькасць аматараў беларускай мовы, літаратуры, культуры не толькі сярод навучэнцаў, але і сярод педагогаў, бацькоў, усіх неабыякавых беларусаў. Цікава, што ў нас ёсць назвы населеных пунктаў, у якія ўваходзяць імёны: Любань, Ліда, Барысаў, Асіповічы, Клімавічы, Давід-Гарадок, Раманавічы, Петрыкаў. А ёсць такія, у якіх прысутнічаюць назвы жывёл і раслін: Дуброўна, Баранавічы, Слонім, Лепель, Гомель, Бярозаўка.
Сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэта свята – цудоўная нагода для носьбітаў роднай мовы яшчэ раз задумацца пра тую адзіную, якую мы завём матчынай, на якой размаўлялі нашы продкі. Настаўнікі Бацькаўшчыны прыкладаюць вялікія намаганні, каб беларуская мова пастаянна пашыралася і квітнела вясёлкай.
Сёлета мы святкуем 140-годдзе знакамітых сяброў-класікаў, стваральнікаў сучаснай літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Святкуем, каб «людзьмі звацца». Давайце чытаць беларускіх класікаў, глядзець беларускія пастаноўкі ў тэатрах. І тады вы ўвесь час будзеце здзіўляцца багаццю роднай мовы.
У нашай дзяржаве дзве дзяржаўныя мовы. Аднак у гэты дзень галоўным аб’ектам увагі для многіх становіцца мова тытульнай нацыі – беларуская. Не сакрэт, што ў ХХІ стагоддзі, як і ў ХХ стагоддзі, наша мова здолела праявіць даволі высокую ступень жыццёвасці. Сёння яна актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку: рэкламу, інтэрнэт-прастору. А гэта ўжо сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне беларусаў актыўна ёю карыстацца.