04 августа 2022 г.
У культурным календары Гродзенскай вобласці 6 жніўня пазначана цудоўнай імпрэзай – у Смаргоні адбудзецца V абласны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны». Упершыню ён быў арганізаваны ў 2013 годзе, з таго часу – раз у два гады – фестываль ладзіцца ў розных раёнах вобласці.
Дакрануцца да культуры нашых продкаў, паслухаць лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны, паспрабаваць стравы нацыянальнай беларускай кухні, акунуцца ў жыццё і быт беларускага народа – усё гэта магчыма на «Скарбах Гродзеншчыны».
«Скарбы Гродзеншчыны» могуць зацікавіць не толькі беларусаў, але жыхароў краін блізкага замежжа. Як вядома, да канца года грамадзяне Літвы, Латвіі і Польшчы маюць права на безвізавы ўезд у нашу рэспубліку. Таму ў нашых замежных суседзяў ёсць цудоўная магчымасць наведаць фестываль, пазнаёміцца з самабытнай культурай Гродзеншчыны і, пры жаданні, набыць сувеніры на памяць. Свята будзе цікавым не толькі дарослым, але і дзецям. Маленькія ўдзельнікі фэсту не засумуюць – ім будзе прапанавана цудоўная гульнёвая праграма.
Пра тое, што чакае жыхароў і гасцей Смаргоні на чарговым фестывалі традыцыйнай культуры распавядае загадчыца метадычным аддзелам раённага Цэнтра культуры Людміла Барахоўская: «Фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» атрымаў вядомасць не толькі на Гродзеншчыне, але і па-за яе межамі. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з іншых куткоў Беларусі. Традыцыйная культура Гродзеншчыны надзвычай багатая і мае свае адметнасці. Менавіта ў нашым рэгіёне раней існавалі ўсе рамесныя тэхнікі ткацтва, якія адроджаны і прадаўжаюць сваё жыццё. Па-ранейшаму прыцягваюць увагу нашы тэхнікі саломапляцення. Сёлета на свяце ў Смаргоні Мастоўскі цэнтр рамёстваў прадставіць жгутовае пляценне з травы, якую збіраюць на берагах азёр і рэк. Удзельнікі фэсту пазнаёмяцца насамрэч з унікальнымі рэчамі, якія падрыхтуюць мастоўскія майстры».
Як і кожны год, падчас фестывалю будуць працаваць падворкі «Госці на парозе – свята ў хаце». Кожны раён рыхтуе падворак, на якім прадставіць сваю адметную культуру: рамёствы, народныя строі, выканальніцкае майстэрства, мясцовы фальклор і традыцыйныя стравы.
У гарадскім амфітэатры, адразу пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю, адбудзецца дэфіле ў народных строях «Дакрануцца да вытокаў», пасля – канцэрт лепшых калектываў народнай творчасці вобласці і, безумоўна, выступленне аматарскіх калектываў Смаргоншчыны. На фальклорна-інтэрактыўнай пляцоўцы пройдзе канцэрт лаўрэатаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы». Завершыць канцэртную праграму хадлайнер фестывалю – арт-гурт «Багач».
Як адзначыла Людміла Пятроўна, сімвалам фестывалю з’яўляецца пояс як повязь часу, абярэг, сімвал жыцця. Раён, у якім праводзіўся фестываль, перадае пояс новаму гаспадару, якому прадастаўлена ганаровае права прымаць фестываль. На працягу года ён рыхтуе свой пояс. На адкрыцці мерапрыемства адбудзецца рытуал перадачы пояса са Свіслацкага раёна Смаргонскаму.
«Дарэчы, Смаргонь не выпадкова была абрана месцам для правядзення такога маштабнага мерапрыемства, - звярнула ўвагу Людміла Барахоўская. - Арганізатары вызначылі рэгіён, дзе праведзена вялікая работа па захаванні і даследаванні традыцыйнай культуры. Як вядома, напрыканцы мінулага года «Смаргонскія найгрышы» атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Задача фестывалю – не толькі паказаць традыцыйную культуру раёна, але і ўславіць мясціну, дзе праходзіць мерапрыемства. Мы ўпэўнены, што Смаргонь гучна заявіць пра сабе і пакажа сваю адметную багатую культуру».
«Мова, звычаі, традыцыі, веды і тэхналогіі, якія перададзены нам продкамі з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, скрозь вякі – як каштоўныя знакі памяці. Яны могуць знікнуць назаўсёды, калі мы не захаваем іх, каб перадаць сваім дзецям і ўнукам, ад пакалення да пакалення», - упэўнены арганізатары фэсту.