Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што ж маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы, нядолі,
Поўныя сумнай красы?
Вельмі прыгожыя, шчымліва прыгожыя радкі, як і сама наша прырода. Не кідкая, зыркая, а менавіта шчымлівая, нават цнатлівая, якая ніколі не стамляе вока. Наадварот, супакойвае чалавека, робіць яго больш уражлівым і далікатным.
Словы прыгажосці і любові да роднага краю скіраваны ў бок маёй малой радзімы, у невялічкую вёсачку Сялец, што ў ваколіцах Войстама.
Як сказала адна мая добра знаёмая паэтка, вёска як вёска, нічога асаблівага. Ах, каб яна толькі магла ўявіць, як памылялася! У маёй роднай вёсачцы – непаўторнае рамонкава-васільковае паветра, над ёю аблокі-ветразі непастаянныя ў сваіх вандроўках па небе. Толькі тут душа вызваляецца ад нябачных акоў і адпраўляецца ў палёт.
Вёсачка валодае вялізнай канцэнтрацыяй намоленай энергетыкі. Цудоўныя зарніцы, спакойны заход сонца з яго адвечным “дабранач”. Як родная маці, найпрыгажэйшая ва ўсім свеце для сваіх дзетак, так і родны кут наймілейшы. Ён нібыта жывы Божы храм.
Родны кут. Мне балюча, што вёска страціла сваю першапачатковасць, сваю цішыню, воблік святла працы і непрыкметных будняў, без якіх не бывае святаў. Толькі цяпер я разумею, што вёсачка была для мяне не толькі нечым запаветным, але і кладзезем сумленнасці і добразычлівых адносін паміж людзьмі. Была захавальніцай традыцый і народных промыслаў. І самае галоўнае – захавальніцай непаўторных аўтэнтычных песень.
Як жа мне цяпер вас не хапае, мае мілыя жанкі, з вашымі песнямі. Здаецца, хоць бы ненадоўга вярнуцца назад, туды, у далёкае маленства.
Глыбокае пачуццё павагі да ўсяго роднага павінна быць уласціва кожнаму з нас. Перш за ўсё – да роднай мовы, свайго народа, сярод якога мы жывём. Да яго традыцый і творчасці. І сярод мітуслівых дзён жыцця неабходна адкрыць для самога сябе галоўнае: нішто не вяртаецца назад, кожная хвіліна на вагу золата.
Еднасць з прыродай вельмі важная для чалавека. Яна, прырода, як ніхто зразумее і падтрымае цябе, дасць разумную параду і падкажа выйсце сваім ціхім роздумам. Вучыцеся яе разумець.
Вера ВАЙЦЮЛЬ.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.