26 мая 2016 г.
Беларускі стыль вышыўкі своеасаблівы і непаўторны. І доўгі час ён быў занядбаны. Адраджаюць яго многія майстры, у тым ліку і Зоя Войтка (Тамашэвіч) са Смаргоншчыны.
Цікавая жанчына. Маці чатырох дзетак. Старэйшая Вікторыя ўжо замужам, а малодшая Надзейка толькі нядаўна нарадзілася. У сувязі з нараджэннем малодшай Зоя на нейкі час выпадала з актыўнага творчага працэсу, але быць майстрам – гэта назаўжды. Зоя вяртаецца да сваіх сцяжкоў-крыжыкаў, а муж і старэйшыя дзеці дапамагаюць з маленькай Надзейкай. Жыццё працягваецца…
Аднойчы ў кватэры прагучаў тэлефонны званок, і Святлана са Смаргоні, даўняя знаёмая Зоі, папрасіла вышыць фіранкі ў дзядоўскую хату. Дамовіліся пра сустрэчу. Пры першым поглядзе на тканіну Зоя зразумела, што новая замова будзе не з лёгкіх – даматканае палатно ручной работы з няроўнай асновай. Ды і гадоў яму так 50-70. Цяпер бабулі ў вёсках такіх цудаў ужо не ствараюць.
— Па якіх крытэрыях выбіраецца арнамент?
— У першую чаргу замоўца кажа, з якой мэтай робіцца вышыўка. Святлана патлумачыла, што ім з мужам дасталася старая дзедава хата ў спадчыну. І задача замовы – адлюстраваць у прыгожай ручной рабоце памяць пра бацькоў, продкаў, род. Арнамент павінен быў адпавядаць быту таго, даўнейшага, часу. Такія арнаменты нельга прыдумваць – прыйшлося карыстацца спецыяльнай літаратурай. Знайшла ўзор з сімваламі маці і памяці пра дом у аснове.
— Як жа Вы паспяваеце працаваць з малым дзіцём на руках?
— Не буду спрачацца – гэта няпроста. Хатнія справы, малая дачушка не спрыяюць працаздольнасці, але калі правільна падысці да рэжыму дня і арганізацыі побыту, то паспець можна многае. Дзве гадзіны на працягу дня я магу аддаваць вышыўцы. Дзве гадзінкі штодзень – і можна адолець самую складаную працу, асабліва калі працу гэту любіш і жадаеш дапамагчы чалавеку! Падтрымка сям’і – гэта таксама важна: у выхаванні Надзейкі дапамагаюць і тата, і брацік з сястрычкай. Старэйшая жыве асобна, з мужам. Так я і вышыла фіранкі для Святланы. 31260000 крыжыкаў. Два месяцы працы…
— Што плануеце рабіць далей?
— Ручная работа запатрабаваная ў нашы дні. Планую і надалей радаваць замоўцаў! Паміж замовамі буду ствараць калекцыю сваіх работ. Ні пры якіх абставінах не хачу і не маю права забывацца пра тую цудоўную жанчыну, якая ўклала ў мае рукі іголку з ніткай. Пакуль я працую, памяць пра яе жывая, жыве ўсё, з ёй звязанае: маё дзяцінства, мая любімая школа-інтэрнат, якая стала мне родным домам, мае дарагія педагогі, што замянілі мне і многім іншым выхаванцам бацькоў. Светлая памяць Радзішэўскай Марыі Ільінічне. Нізкі паклон усім тым работнікам Смаргонскай школы-інтэрната, якія штодзень выхоўвалі нас! Карыстаючыся магчымасцю, хачу сказаць ім усім вялікі дзякуй! Калі мы, вашы дзеці, чагосьці і дасягнулі ў сваім жыцці, то толькі дзякуючы вам, вашай штодзённай працы, клопатам, турботам і любові! Усе мы, вашы дзеці, помнім вас і любім.
Беларускі стыль вышыўкі адрозніваецца ад украінскага больш сціплай палітрай колеру (у асноўным чырвоны і чорны, радзей – блакітны, зялёны), ад рускага – памерам крыжыка-сцяжка. Чырвоным па белым, чорным па белым нашы продкі выказвалі радасць і журбу папераменна. Усё гэта стала для Зоі і захапленнем, і працай, і падтрымкай. Тым жыццёвым стрыжнем, што дапамагае трымацца на жыццёвых віражах.
Дар’я ЛІС. Фота аўтара.
По материалам сайтаwww.shliah.by