Уладзімір КАСАКОЎСКІ і Чэслаў КАШКУР абмяняліся падарункамі.
Месцам сустрэчы быў абраны гарадскі парк. У летнім амфітэатры адбылося вочнае знаёмства з членамі дэлегацыі. Старшыня савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі расказаў збальша пра наш раён, пра дзейнасць ветэранскай арганізацыі, падзяліўся ўласным вопытам у адстойванні правоў асобных груп ветэранаў працы, заслужаных грамадзян, ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Кіраўнік міёрскіх ветэранаў Чэслаў Кашкур падарыў калегам са Смаргоні цікавыя выданні пра Міёры ў тым ліку маляўнічы даведнік краязнаўчых маршрутаў па Міёрскаму раёну, які склаў і выдаў мясцовы краязнаўца, дырэктар музея СШ №3 г. Міёры Вітольд Ярмалёнак. Аўтар гэтага ўнікальнага выдання таксама быў у складзе дэлегацыі.
Таццяна РЫМША – пляменніца загінуўшага вызваліцеля Смаргоні.
Адна з грамадскіх актывістак міёрскага савета ветэранаў, Таццяна Рымша, не першы раз наведалася ў наш горад. Упершыню яна была тут у 2005 годзе разам са сваёй сястрой. А мэта візіту – наведаць месца пахавання іх дзядзькі – Яўгена Мурашкі, які загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Смаргоні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юнаку было тады толькі 18 гадоў і яго маці, бабуля Таццяны Мікалаеўны, усё жыццё марыла наведаць магілу сына. За яе зрабілі гэта ўнучкі. Таму з вялікім жаданнем і сёння Таццяна Рымша выправілася ў няблізкі шлях, каб пакланіцца памяці свайго сваяка, усіх змагароў за вызваленне Беларусі і сказаць словы падзякі кіраўніцтву і жыхарам Смаргоні за тое, што вартасна ўшаноўваецца памяць пра загінуўшых.
Госці Смаргоншчыны наведаліся да мемарыялу на лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну, у музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага, што ў Залессі.
Дэлегацыя з Міёраў у гарадскім парку.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота аўтара.