15 августа 2022 г.
Аматары гістарычных вандровак і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, рыцарскіх паядынкаў і сярэднявечных танцаў 13 жніўня сабраліся на фэсце «Кераміка Крэва».
Гэта імпрэза – прыступка ў справе адраджэння багатай гістарычнай спадчыны крэўскай зямлі і гісторыі. А традыцыйнае свята керамістаў, якое тут ладзіцца, гаворыць пра тое, што керамічнае мастацтва будзе і далей развівацца.
Ва ўнутраным двары замка праходзіў рыцарскі фэст «Меч Кейстута». Акунуцца ў атмасферу Сярэднявечча дапамаглі рэканструктары з Мінска. Рыцарскія турніры для публікі – шоу экзатычнае і захапляльнае.
Удзельнік клуба «Вількамір» Алег Смайкевіч (клубнае імя – пан Алег з Наваградку) зазначае: «З радасцю ўдзельнічаем у такіх святах. Я люблю ўсе замкі Беларусі, быў ва ўсіх. У Крэве – асаблівая энергетыка. Выступаць у такіх месцах – неверагодна цікава і захапляльна».
Падчас фэсту працавала фотавыстава «Артэфакты з раскопак у Крэўскім замку», супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея праводзілі экскурсіі з элементамі тэатралізацыі «Крэўскі замак: калі гісторыя ажывае».
Экспазіцыі «Тры эпохі Крэва» і «Крэўскія татары» прэзентаваў краязнаўца-рэканструктар з Крэва Канстанцін Дземідовіч.
Музыка і майстар традыцыйных музычных інструментаў Аляксей Яскевіч распавядаў пра сваю творчасць.
Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у майстар-класе па сярэднявечных танцах і забавах.
На працягу фестывалю-кірмашу працаваў «Горад майстроў», у якім свае вырабы прадставілі керамісты і іншыя майстры народнай творчасці.
У майстэрні смаку «Карчомка па-крэўску» можна было набыць хатнія прысмакі, напоі, юшку. Асаблівым попытам карысталася медавуха, якую па старажытных рэцэптах прыгатавалі работнікі Сінькоўскага Дома культуры.
Фестываль-кірмаш дазволіў яшчэ раз дакрануцца да багатага гістарычнага мінулага гэтай старажытнай зямлі. Такія святы дапамагаюць дакрануцца да гісторыі, адчуць сувязь мінулага і сучаснасці.