Да нашага часу ў гісторыі крэўскага касцёла існуе шэраг белых плямаў. Пакуль нявырашаным застаецца і пытанне пра яго першапачатковае месцазнаходжанне.
Лічаць, што першы касцёл у Крэве пабудавалі ў 1387 годзе.
Старажытныя архіўныя дакументы і кнігі падаюць даты з жыцця крэўскага касцёла, звесткі пра колькасць парафіянаў у розныя часы, пра касцельную маёмасць. Аднак ніводзін з дакументаў не ўдакладняе месцазнаходжанне святыні. Прынята лічыць, што ад самага пачатку знаходзілася яна на адным і тым жа месцы – у цэнтры мястэчка, непадалёк ад замка. Толькі ці адпавядае гэта рэчаіснасці?
На развагі наводзіць адметная назва аднаго пагорка, які знаходзіцца недалёка ад гарадзішча. У наш час гэта назва ўжо знікла з ужытку, але, як сведчыць краязнаўца Пётр Грынкевіч, той пагорак некалі называлі Касцельнай гарой.
Арыенцір – Адольф Высоцкі
Па словах краязнаўцы, гэтая гара “знаходзіцца насупраць Адольфа Высоцкага”. Дакладна вядома, што Высоцкія заўжды жылі недалёка ад гарадзішча: спачатку – зусім побач, на Зарэчнай, а пасля – таксама непадалёк, але ўжо праз дарогу, на Смаргонскай. Так што нават не ведаючы, які з двух дамоў Высоцкіх, стары ці новы, меў на ўвазе Грынкевіч, усё адно, гаворка вядзецца пра мясцовасць каля гарадзішча. На жаль, адзіны арыенцір –“насупраць Высоцкага” – мала што дае для дакладнага вызначэння месцазнаходжання пагорка ад любога з тых двух дамоў: гэта мог быць накірунак, у які заўгодна бок, і адлегласць невядома якая. І гэта пры тым, што і пагоркаў тут мноства. Усё ж найверагодней, што гаворка ішла пра пагорак, які размешчаны зусім побач з гарадзішчам і які ў наш час многія называюць Громам.
Верагодна гара Гром звязаная з іменем бога Перуна. Фота забяспечанае аўтарам.
У выпадку, калі Грынкевіч меў на ўвазе не дамы Высоцкага, а яго зямельны надзел, то Касцельная гара магла размяшчацца недзе ў іншым месцы, бо надзелы сялянам вылучалі нярэдка ўбаку ад іх жылля. Тым не менш, ён усё адно знаходзіўся недзе побач.
Як дапамагла нямецкая карта часоў Першай сусветнай
Яшчэ раз вярнуцца да звесткі Грынкевіча пра Касцельную гару мяне прымусіла схема размяшчэння нямецкіх баявых пазіцый у Крэве і ваколіцах часоў Першай сусветнай вайны. Яна была знойдзеная ў выдадзенай немцамі гісторыі аднаго з палкоў, які вайной стаяў тут. На ёй, непадалёку ад “Schweden Schanze” (Шведскае ўмацаванне, гарадзішча), значыцца і “Kirche” (перакладаецца як “касцёл”).
Пра іншую назву гарадзішча пытанняў не было. Вядома, што па ўсёй Беларусі іх часта называюць то шведскімі горкамі, то шведскімі магіламі. Магчыма, падобную яго назву выкарыстоўвалі некалі і жыхары Крэва. Мяне ж больш цікавіў тапонім “Касцёл”.
Наклаўшы пры дапамозе камп’ютара нямецкую схему на сучасную тапаграфічную карту, я лёгка вызначыў, дзе знаходзіцца той пагорак на мясцовасці. Вельмі верагодна, што надзел зямлі Высоцкага мог знаходзіцца тут. Калі гэта так, то Касцельная гара – гэта і ёсць “Kirche” (касцёл) на нямецкай схеме. Калі ж Грынкевіч меў на ўвазе ўсё ж дом Высоцкага, то гэта маглі быць два розныя тапонімы з падобнай назвай, і кожны з іх прэтэндуе на сувязь з першай у Крэве каталіцкай святыняй.
Касцёл замест паганскага капішча?Толькі як магла ўзнікнуць тая сувязь? Да існуючага крэўскага касцёла адсюль – каля трох кіламетраў.
Верагодна, што першапачаткова тутэйшы каталіцкі храм паўстаў менавіта каля гарадзішча, колішняга сэрца паганскага Крэва. Мы ведаем, што акаталічванне прыхільнікаў старой рэлігіі было адной з умоў Крэўскай уніі. Відаць, у нашым краі такіх людзей было нямала, і Крэва ў шэрагу першых атрымала ад новаабранага польскага караля Уладзіслава ІІ Ягайлы свой касцёл. Яго маглі ўзвесці на месцы, на якім дагэтуль знаходзілася паганскае капішча.
З часам, калі гарадзішча страціла сваю значнасць, цэнтрам паселішча зрабілася тэрыторыя ля каменнага замка. Туды ж магла быць перанесеная і каталіцкая святыня. А памяць пра той першы касцёл доўгі час захоўвалася ў назве пагорка, на якім ён мог размяшчацца.
Як вялікі крэўскі камень апынуўся ў балоце
Вылучыўшы два магчымыя пункты месцазнаходжання першага крэўскага касцёла – “Касцельная гара”, пра якую згадвае Грынкевіч і якая месціцца побач з гарадзішчам, і “Kirche” з нямецкай схемы, што за пару соцень метраў на поўнач ад іх, я схільны да думкі, што ўсё ж першы з тапонімаў больш прэтэндуе на ролю таго аб’екта, які нас цікавіць. Больш за тое, яго сучасная назва – гара Гром, калі паразважаць, таксама служыць на карысць гэтага. Словы “гром” і “пярун” у беларускай мове з’яўляюцца сінонімамі, якія абазначаюць адну і тую ж прыродную з’яву.
Але не ўсе ведаюць, што другое слова ўтварылася ад імя паганскага бажаства Перуна. Таму магчыма, што і пагорак да з’яўлення на ім касцёла, называўся Перуновай гарой ці папросту – Перуном. Адам Кіркор у сярэдзіне 19 стагоддзя пісаў у кнізе “Рысы з гісторыі і жыцця літоўскага народу”, што “галоўныя храмы Пяркунаса і свяшчэнныя дубовыя гаі былі ў Крэве, Рамаве, Вільні і ў іншых месцах”.
Са з’яўленнем на пагорку з колішнім капішчам каталіцкай святыні, адны пачалі называць яго гарой Касцельнай, іншыя ж працягвалі ўжываць старую назву. З часам, калі пра паганства пачалі забываць, то забылі і ў гонар каго пагорак быў першапачаткова названы. Пачалі спачатку блытаць аднайменныя бажаство і прыродную з’яву, а затым і замяняць у тапоніме сінонімам назву той з’явы – “гром” замест “пярун”. Не выключана, што такая падмена была зроблена наўмысна праціўнікамі старой рэлігіі.
Ля падножжа гары знаходзіцца Вялікі крэўскі камень, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Гэты магутны валун таксама мог мець дачыненне да рэлігіі нашых продкаў. Не выключаю, што ў паганскія часы ён размяшчаўся на вяршыні пагорка, выконваў пэўную сакральную ролю і мог мець іншую, звязаную з вераваннямі прашчураў, назву. Перад тым, як узводзіць на яго месцы каталіцкую святыню, праваднікі хрысціянства зрынулі гэты паганскі сімвал з пагорка. Той без цяжкасцяў скаціўся па крутым склоне да месца, дзе ляжыць да нашага часу. Мясцовасць навокал балоцістая, таму не дзіўна, што вялікая частка цяжкага каменя знаходзіцца цяпер пад зямлёй.
«Дык а што тады наконт тапоніма, пазначанага на нямецкай схеме як «Kirche»? – спытаеце вы. А хто сказаў, што загадка разгаданая! Не будзем забывацца, што слова гэта можна перакласці, як «царква”! (а можа, «царкавішча»). Карацей кажучы, ёсць яшчэ над чым папрацаваць.