02 октября 2023 г.
Так склалася, што горад Смаргонь і каталіцкая парафія Святога Міхала Арханёла - аднагодкі і святкуюць у гэтым годзе юбілей.
Першае пісьмовае згадванне пра Смаргонь знаходзіцца ў зборніку дакументаў па гісторыі Віленскай каталіцкай дыяцэзіі, дзе змешчаны наступныя радкі: «Вільня, кастрычнік 1503. Юрый Зяновіч, спадчынны ўладальнік Смаргоні, бачачы, што насельніцтву ў наваколлях яго маёнтка не хапае касцёла, у якім яны маглі б задавальняць свае духоўныя патрэбы, выдаткаваў сродкі на будаўніцтва ў Смаргоні парафіяльнага касцёла пад назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святога Мікалая…». Гэтая дата з’яўляецца нараджэннем каталіцкай супольнасці ў Смаргоні.
Першая каталіцкая святыня нашага горада была пабудавана з дрэва. Пасля ўнук фундатара касцёла, Юрый Мікалаевіч, перайшоў у кальвінізм. Дакладна невядома, калі пачалося будаўніцтва кальвінскага збора, таксама невядома быў збор драўляны або каменны. Самы першы ўспамін пра існаванне ў Смаргоні кальвінскага збору адносіцца да 27 лістапада 1582 г. У тэстаменце, складзеным Юрыем Мікалаевічам, паведамляецца аб яго жаданні пасля смерці быць пахаваным у крыпце кальвінскага збору. Будынак, які мы бачым сёння ў горадзе, быў пабудаваны ў 1606 - 1611 гг.
Пасля смерці Крыштафа Зяновіча яго сын Мікалай Багуслаў перайшоў з кальвінізма ў каталіцызм. Мікалай загінуў падчас бітвы пад Хоцімам, калі яго войска разам з войскам Сапегі стрымлівала асноўны націск ворага ў вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй. На гэтым род смаргонскіх Зяновічаў па мужчынскай лініі прыпыняецца. Уладарамі мястэчка становяцца яго дзве дачкі Ганна ды Сафія. І разам з маці і бабуляй яны перадалі пасля смерці Мікалая Багуслава святыню ва ўладанне католікам. Храм быў асвечаны як касцёл СвятойТройцы ў 1621 г. і належаў каталікам амаль 250 год.
У 1858 г. касцёл дзякуючы ксяндзу Яну Залескаму быў рэканструяваны – у сярэдзіне ўпрыгожаны фрэскамі, выкананымі вядомым мастаком з Галіцыі Ілаповічам, пабудавана агароджа, зроблены вароты. У інтэр’еры касцёла з’явіліся новыя абразы: Святога Войцеха і Маці Божай Шкаплернай.
1 сакавіка 1867 года адбылося перасвячэння касцёла Святой Тройцы пад праваслаўную царкву Святога Міхала Арханёла або проста Міхайлаўскую царкву. Вежа была паніжана да двух ярусаў і перабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі.
Доўгі час смаргонскія вернікі не мелі ўласнай святыні. Аднак, як толькі з’явіўся талерантны маніфест 17 красавіка 1905 г., адрадзілася і смаргонская парафія. Адроджаная каталіцкая парафія была зарэгістравана ў 1906 г. У 1911 г. на рагу Мінскай і Вілейскай вуліц намаганнямі ксяндзоў Станіслава Кліма і Юстына Пятранаса быў пабудаваны новы манументальны цагляны касцёл у неараманскім стылі.
Збудаваную святыню асвяцілі пад тытулам Святога Аляксея, аднак назва парафіі засталася даўнейшай: Святога Міхала Арханёла. На жаль, у час Першай сусветнай вайны новы касцёл быў дашчэнту зруйнаваны.
Падчас нямецкай акупацыі 1918 года мясцовыя каталікі імкнуліся вярнуць храм сабе. Дазвол быў атрыманы, і з 1918 года да другой паловы 40-х гадоў тут зноў пачалі маліцца па-каталіцку. Касцёл адбудавалі і зноў асвяцілі пад гістарычным тытулам Святога Міхала Арханёла. З 1925 па 1929 гады вялася рэстаўрацыя. У гэты перыяд быў надбудаваны другі ярус вежы, які мае касцёл і сёння. У 1936 г. купал і часткова сцены касцёла былі распісаны знакамітым мастаком Пятром Сергіевічам.
У 1947 г. касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад склад. Па-варварску было знішчана ўбранства касцёла. Доўгі час касцёл у аварыйным стане стаяў пустым. У пачатку 1970-х гадоў Міністэрствам культуры БССР будынак былога касцёла быў прызнаны помнікам архітэктуры і рэстаўраваны. У у 1984 г. тут размясцілі выставачную залу Смаргонскага музея.
У 1989 г. супрацоўнікі музея з’ехалі з будынка касцёла. Пачаўся рамонт. У сакавіку 1990 г. касцёл пасля перапынку аднавіў сваю дзейнасць. Святыня зноў пачала дзейнічаць як каталіцкі касцёл Святога Міхала Арханёла. Новым пробашчам адноўленага касцёла стаў салезіянін ксёндз Генрых Куляшэвіч SDB, які паклаў пачатак салезіянскай справе ў горадзе.
Сваё 520-годдзе касцёл сустракае адноўленым і прыгожым. Скончаны працы над драўляным барокавым алтаром. У цэнтральнай частцы касцёла змешчаны новы абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, намаляваны мастаком са Смаргоншчыны Вячаславам Аўгусціновічам. У храме з’явіўся новы эўхарыстычны алтар, на касцёльнай вежы ўсталявана сучасная сістэма званоў. Ля касцёла ўзвышаецца помнік Святому Міхалу Арханёлу, апекуну парафіі. Гэтыя падарункі для касцёла ўчынілі вернікі Смаргоні. Іх шчырыя і ахвярныя сэрцы сведчаць, што яны любяць свой храм. Нягледзячы на тое, што касцёл перацярпеў розныя навалы і перабудовы, сёння ён – не толькі помнік мінулых гадоў, але і храм людскіх сэрцаў, якія вельмі любяць Бога.
Ксёндз Артур ЛЯШНЕЎСКІ,
пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла.