03 октября 2022 г.
Восень – дзіўная пара, якую апявалі мастакі і паэты. Восень у разуменні творчых людзей - і прыгажосць, і сум адначасова. Залатая восень прыдатная для падарожжаў і цікавых вандровак. Менавіта ў гэты час хочацца любавацца прыродай, даведвацца пра нешта новае.
У межах дванаццатай абласной дэкады «Залаты ўзрост» адбылося музычна-гістарычнае падарожжа «Каштоўнасці побач». Актыўныя грамадзяне, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту на базе УТЦСАН «Цёплы дом» разам з метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны РЦК працягваюць знаёміцца з роднай Смаргоншчынай, з яе гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
Адно сумеснае падарожжа ўжо адбылося ў аграгарадок Жодзішкі. Але ж мястэчка настолькі багатае на гістарычныя помнікі, што было вырашана яшчэ раз туды з’ездзіць. На гэты раз падарожнікі наведалі ўнікальны аб’ект – вадзяны млын XVIII стагоддзя. Не толькі паслухалі гісторыю пра яго, якую распавёў Уладзіслаў Цікота, але і паназіралі за самім працэсам работы. Убачылі, як «ажывае» млын, як пачынае біцца яго сэрца. Рух адрэстаўраванай турбіны, драўлянага кола, меладычны шум вады адразу пераносяць наведвальнікаў у мінулае – і паўстаюць вобразы людзей, якія раней жылі на гэтай зямлі, гадавалі дзяцей, малолі муку, спявалі песні, радаваліся і плакалі.
Тут можна было ўбачыць розныя прылады з ранейшага вясковага побыту, інструменты таленавітых ганчароў, сталяроў, кавалёў, а таксама кросны, самапрадкі. Ёсць і тканыя ды вышываныя посцілкі, ручнікі. Аповед Уладзіслава выклікаў самыя шчырыя эмоцыі ў наведвальнікаў.
Пасля натхнёных вандроўнікаў чакала знаёмства са смаргонскімі найгрышамі. У сценах старадаўняга бровара (сядзіба «Квітнеючыя берагі») вельмі арганічна гучала музыка, пад якую спявалі і танцавалі нашы дзяды і прадзеды. Дзякуючы ўзорнаму фальклорнаму гурту «Нальшчаначка» і яго таленавітаму кіраўніку Кацярыне Дудзінскай, у вандроўнікаў нават з’явілася магчымасць прыняць удзел у майстар-класе па побытавых танцах. А гасцінасць і гарачы пасілак у выдатнай аграсядзібе толькі ўзмацнілі станоўчыя эмоцыі ўдзельнікаў экскурсіі.