Многім для таго, каб увасобіць мару, неабходна падтрымка. Некаторым патрэбныя веды ці добрая парада, іншым – грошы, каб стартаваць.
Менавіта для гэтага і створаны бізнес-інкубатар у Камарове Мядзельскага раёна. У 2017 годзе тут пачала працу гэта вучэбна-практычная ўстанова па падтрымцы прадпрымальніцтва. Інкубатар садзейнічае развіццю бізнесу ў Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і Пастаўскім раёнах.
Як працуе бізнес-інкубатар
Установа дзейнічае ў межах праекта “Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуску ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара”. Гэты праект фінансуе Еўрапейскі саюз, суфінансуе Праграма малых грантаў Амбасады ЗША.
Увасабляюць праект у жыццё таварыствы “Экапартнёрства” і “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”. Бюджэт праекта складае 588 тысяч еўра, 182 тысячы з якіх накіраваныя на падтрымку мясцовых прыватных ініцыятыў.
Ахвотныя павінны былі даслаць заяўкі ў Школу вясковага бізнесу, першы набор якой стартаваў у чэрвені 2017. Сярод іх выбіралі групу слухачоў. Іх запрашалі на некалькі трохдзённых сесій, дзе выкладчыкі вучылі бізнес-планаванню, маркетынгу, менеджменту, прававым асновам.
Напрыканцы вучобы слухачы рыхтавалі бізнес-планы і прэзентацыю, з якой выступалі перад камісіяй падчас Стартап Уікэнда. Удзельнікі камісіі выбіралі найбольш перспектыўныя праекты, якія падтрымлівалі на суму ад двух да дзесяці тысяч еўра.
За першы год працы Школы вясковага бізнесу набралі чатыры групы слухачоў каля 15 чалавек. Сярод іх былі людзі розных прафесій і з розным досведам. Але ўсе яны вырашылі пачаць працаваць на сябе. 15 прыватных ініцыятыў падтрымалі за першы год працы праекта.
Акрамя навучання, удзельнікі могуць звяртацца ў бізнес-інкубатар па кансультацыі. Ім дапамагаюць вырашыць бухгалтарскія і прававыя пытанні, шукаць партнёраў і спосабы збыту.
Праект у Камарове высока ацанілі з боку Еўрапейскай камісіі. Але 800 тысяч еўра два гады не працуюць на развіццё вёскі
Якія праекты падтрымалі
У кожным з набораў абіралі ініцыятывы-пераможцы, якія фінансава падтрымалі.
У першым падтрымалі Людмілу Стучко з вёскі Тракелі Астравецкага раёна, якая займаецца паслугамі мадэльера-кансультанта па рэканструкцыі і абнаўленні жаночага і мужчынскага адзення. Вераніку Шчуроўскую з Залесся, якая займаецца вырабамі з элементамі камбінаванай вышыўкі. Аляксандру Чыжэўскую з Залесся, якая вырабляе драўляныя вокны. Святлану Сенькавец з Пастаўшчыны, якая перарабляе арганічнае зерне грэчкі ў крупы, фасуе іх і прадае. Астатнія маглі дапрацаваць свае праекты і выступіць на наступнай камісіі.
Выраб Веранікі Шчуроўскай.
На другім Стартап Уікэндзе перамаглі чатыры слухачы другой школы.
Ігар Хвашчэўскі з Чухнаў Смаргонскага раёна вырабляе біягумус з утылізацыяй адходаў буйной рагатай жывёлы. Іван Мацюк стварае ў сядзібе “Паланэз” музей-трапезную для экскурсій, урачыстасцяў і майстар-класаў. Аляксандр Гатоўка ў Мядзельшчыне стварае безадходную ферму з уласнай вытворчасцю кармоў. Аляксандр Марозік з Астравецкага раёна стварае буйное сямейнае пчолагадоўчае прадпрыемства на базе сямейнай пасекі. Дзмітры Стралец з Нарачы стварае на базе будаўнічай кампаніі “Нарс” растворныя і бетонныя сумесі.
Сем’і Юліі і Алены Трыбулевых сталі пераможцамі сярод тых, хто змагаўся за асобны грант пасля дапрацоўкі. Падтрымалі іх праект па развіцці аграсядзібы “Чара” на Астравеччыне.
Смаргонец будзе разводзіць мух, астраўчанін – рабіць развіваючыя цацкі: у Камарове выбралі пяць бізнес-ініцыятыў ад мясовых прадпрымальнікаў
“Хвалюецца кожны, хто хоча нечага дабіцца”
Пра тое, як дапамог бізнес-інкубатар развіць бізнес, “Рэгіянальнай газеце” распавяла Вераніка Шчуроўская з Залесся. Яна скончыла першы набор школы і атрымала фінансаванне свайго праекта па працы з вышыўкай.
Вераніка заўсёды жыла ў Залессі, цяпер гадуе тут 10-гадовую дачку, Маргарыту. Працавала дырэктарам Дома культуры, займалася вышыўкай як рамеснік.
Вышываць пачала яшчэ ў школе. Выйграла ў адным з конкурсаў, дзе ўзнагародай стала кніжка пра тое, як вышываць крыжыкам. Гэту кнігу і цяпер захоўвае дома, а тады яна стала пачаткам самага вялікага захаплення. Кнігу падарыла Валянціна Міхалкоўская, якая працавала завучам і сама выдатна вышывае. Яна і цяпер, хаця і на пенсіі, працуе ў залескай школе.
Вераніка пераважна вышывала абразы, карціны, магла аздобіць вышыўкай адзенне. Адзін з яе абразоў вісіць у смаргонскім саборы. Дачка Маргарыта вяжа кручком. Ніна, яе маці, – пруткамі.
Вераніка звычайна вышывае крыжыкам. Робіць вырабы з нацыянальным арнаментам, упрыгожвае торбы. Можа вышыць і гладдзю.
– Раней, калі не было інтэрнэта, было складана раздабыць схемы, – расказвае вышывальшчыца. – Шукалі ў часопісах, у знаёмых. Рабіла па ўжо гатовых схемах. Самастойна прыдумаць схему складана – трэба разумець, дзе які колер, дзе мяняецца. Цяпер жа ўсё проста. Загрузіў любую фатаграфію ў спецыяльную праграму на камп’ютары – і яна сама разбівае на крыжыкі. Падбірае, дзе якія ніткі. Толькі ідзі ў магазін і набывай.
Вераніка вельмі моцна чакала зімы – хоча нарэшце закончыць самую вялікую працу, карціну, якую вышывае тры гады. Яе памер метр на паўтара, і ўжо ёсць назва – “Сіла веры”. Гэта вельмі змрочная карціна, на якой чорнае мора, цёмна-фіялетавыя нябёсы – відаць, што здарыўся шторм, паўсюль абломкі карабля. У вадзе ўзвышаецца каменны крыж, а да яго цягнецца дзяўчына.
– Для гэтай карціны патрэбны асаблівы настрой. Калі мне кепска, тады і вышываю. Трэба больш цёмных зімовых вечароў, калі і спаць не ляжаш, і на вуліцу не выйдзеш – якраз каб вышываць.
Пра тое, што ў Камарове будзе Школа бізнесу, спачатку расказаў старшыня сельвыканкама Зінон Грышкевіч. А пасля сяброўка Аляксандра Чыжэўская, якая займаецца драўлянымі вокнамі, запрасіла паехаць разам.
Вераніка расказвае, што вучыцца было вельмі зручна. Яна на той час звольнілася з пасады дырэктара Дома культуры і мела свабодны час. Заняткі праходзілі ад пятніцы да нядзелі. Першы набор працаваў летам – добрае надвор’е толькі спрыяла вучобе. Заданні па бізнес-планаванні складанымі не былі – жанчына па адукацыі бухгалтар і эканаміст. Затое даведалася шмат новага.
– Выкладчыкаў падабралі вельмі кампетэнтных, – дзеліцца Шчуроўская. – Гэта быў першы набор, таму арганізатары вучыліся на нас, а мы ў іх. У першую чаргу не было складана, таму што кожны ведаў, што хоча атрымаць ад удзелу.
У верасні 2017-га слухачы атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні школы, прэзентавалі праекты на Стартап Уікэндзе. Расказвае, што хвалявалася: “А як жа. Хвалюецца кожны, хто хоча нечага дабіцца”.
Якія бізнес-праекты жыхароў рэгіёна атрымліваюць фінансаванне
Ручная работа – на падарунак ці свята
Праект Веранікі падтрымалі на 5 000 еўра. На 4300 з іх жанчына набыла абсталяванне – прамысловую швейную машынку, авярлок, распашывальную машыну, бытавы авярлок, парагладзільную машыну, вышывальную машыну і манекены. На рэшту зрабіла сертыфікат на выраб нацельнага адзення – адзін з тавараў вышывальшчыцы – наборы на хрэсьбіны.
Жанчына стала індывідуальным прадпрымальнікам больш за год таму. Яна не толькі вышывае, але і шые – не дапрацоўвае чужую рэч. Лічыць, што трэба рабіць усё самой з нуля. Калі кліент хоча паліто з вышыўкай, яна сама пашые і паліто, і вышыўку.
– Цяпер складана ўсім прадпрымальнікам, – расказвае Вераніка. – Ручная праца заўсёды дарагая. А даходы ў людзей, асабліва на вёсцы, зусім не тыя, як хацелася б.
Таму звычайна ў яе заказваюць рэчы на святы. Адзін з хадавых тавараў – наборы на хрэсьбіны. Тут кашуля, пялюшка, мяшочак на локан і зубок. Поўны камплект каштуе 80 рублёў. Калі для кліента гэта вельмі дорага, то майстрыха прапануе набор з пялюшкі і кашулі за 50 рублёў. Наборы яна аздабляе вышыўкай, якая аберагае дзіця.
Вясельныя ручнікі з вышыўкай ручной работы – адметная рэч для маладых. Тут важна зрабіць правільныя па сэнсе арнаменты. Часам кліенты не вельмі ў іх разбіраюцца і прапануюць тое, што гэтаму канкрэтнаму чалавеку не падыходзіць па значэнні. Рукадзельніца тлумачыць сэнс і прапануе лепшы варыянт для кожнага канкрэтнага чалавека.
Некаторыя заказваюць незвычайныя торбачкі ў падарунак замежнікам. Ільняныя ці з іншага матэрыялу торбы з арнаментам даўгавечныя, экалагічныя і вельмі незвычайныя ў якасці падарунка. Вераніка просіць за іх каля 35 рублёў.
Дзякуючы ўдзелу ў праекце Вераніка Шчуроўская, як і многія іншыя ініцыятыўныя людзі, атрымала падтрымку для справы. Бізнес працуе і развіваецца, а яна можа зарабляць на занятку, які шчыра любіць.
Падрабязней пра праект чытайце тут.